5 кастрычніка ў Варшаве ў Музеі вольнай Беларусі пройдзе мультымедыйная выстава беларускіх фатографаў “Я хачу дадому”.
Выстава прысвечана Менску – для тых і ад тых, хто не можа вярнуцца на радзіму. Акрамя фота, вы зможаце пачуць гукі Менску, паглядзець дакументальны фільм пра думкі беларусаў, што хочуць дадому, і нават (калі захочаце) далучыцца да яго. На выставе будуць задзейнічаны фатаграфіі такіх мастакоў, як Ганна Верас, Караліна Палякова, Андрэй Дубровін, і іншых аўтараў.
Праект ствараецца на валанцёрскіх пачатках беларускай арт-групай Heartbreaking Performance. Яна аб’ядноўвае людзей творчых прафесій, якія робяць розныя праекты, у тым ліку беларускае пратэснае мастацтва.
“Калі вы заўсёды жадалі паказаць любімыя месцы сваім сябрам і блізкім не з Беларусі, выстава – гэта добрая нагода, якая абавязкова дапаможа ім зразумець вас яшчэ лепш”, – гавораць арганізатары.
Наведваць выставу можна 5 кастрычніка з 18:00 па адрасе ul. Foksal 11, працаваць яна будзе да 19 кастрычніка.